Як пры Упраўленні справамі Прэзідэнта вырабляюць вышыванкі

Невялікі дамок, што месціцца ў Мінску па адрасе Кісялёва, 40, знешне больш падобны да тыповай музычнай школы, ніколі не здагадаешся, якое багацце схаванае ўнутры. А гэта навукова-вытворчае прадпрыемства беларускіх народных рамёстваў «Скарбніца» — сапраўдны запаведнік беларускіх артэфактаў, дзе іх вывучаюць, збіраюць, вырабляюць і не даюць назаўжды знікнуць.
На ганку нас сустракае вядучы спецыяліст аддзелу маркетынга Тамара. Яна распавядае, што «Скарбніца» сёлета святкуе 40-годдзе. Увесь гэты час майстры не толькі вырабляюць беларускія сувеніры на продаж. Яны вывучаюць беларускія промыслы і маюць велізарную калекцыю з усіх рэгіёнаў Беларусі.

Кожны год дэсант майстрых са «Скарбніцы» высаджваецца ў новым куточку краіны, збірае ідэі і пераймае тэхнікі рукадзелля, якімі карыстаюцца мясцовыя жыхаркі. З экспедыцый у Мінск прыяздждаюць узоры строяў, пано, збанкоў, куфраў ды іншых скарбаў — часам іх набываюць, але яшчэ часцей жыхары самыя дораць іх галерэі «Скарбніцы». Пасля знаходкі захоўваюцца на прадпрыемстве і робяцца крыніцай натхнення для тутэйшых майстрых.

Вышыванкі ды іншыя вырабы прадпрыемства «Скарбніца» можна набыць у крамах краіны, праўда, кошты вельмі кусачыя. Строі, пано, сталовая бялізна каштуюць ад аднаго да некалькіх мільёнаў рублёў — з «вышымайкамі» не параўнаць.

Затое, калі ты вядомы замежны госць, спявак ці палітык, табе можа пашанцаваць атрымаць беларускія скарбы ў падарунак. Ня так даўно вырабы «Скарбніцы» з’явіліся ў прыватных калекцыях Ангелы Меркель і Франсуа Аланда. Гэта і не дзіўна, бо прадпрыемства падпарадкоўваецца Упраўленню справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, а таму забяспечвае народнай вопраткай, нацыянальнымі сувенірамі і падарункамі ўсе найбольш важныя дзяржаўныя мерапрыемствы і сустрэчы ў Беларусі ды за мяжою.
Два дызайны мужчынскай кашулі былі распрацаваныя адмыслова для Аляксандра Рыбака — пра гэта майстрыцам прадпрыемства распавядаем мы, а яны радуюцца, бо пра гэты факт ужо і забыліся.
На прадпрыемстве 4 цэхі, хоць іх больш хочацца называць майстэрнямі: паўсюль толькі ручная ледзь не ювелірная праца.

Наша экскурсія пачынаецца з пакоя ткачых. Майстэрня застаўлена «бабулінымі кроснамі» розных кшталтаў і памераў.

Зразумела, што ткаць на кроснах у беларускіх адукацыйных установах не вучаць. Дзяўчаты ў ткацтва трапляюць рознымі шляхамі: у асноўным, вядома, з лёгкай прамысловасці, але ткачыхі абяцаюць, што могуць навучыць ручному ткацтву каго заўгодна, калі толькі ён хоча працаваць:
«А як раней у вёсках было. Адзін у аднаго вучыліся і ткалі. Ды такія малюнкі ткалі!»

Што праўда, праца ня простая: толькі на запраўку станка сыходзіць цэлы дзень. Пасля ткачыха павінна запомніць усе узоры, якія збіраецца ткаць — праца як у праграміста, але кампутар не дапаможа, спадзявацца можна толькі на ўласную галаву ды рукі, у якіх таксама мусіць быць добрая памяць.

Узнагарода ў тым, што выткаць можна літаральна што заўгодна: і паясы, і посцілкі, і бялізну, і проста тканіну для вопраткі. Калі не ведаць, то нават і не паверыш, што ўсё гэта вырабляецца на адным і тым жа прымітыўным станку.
Акрамя ткацкай майстэрні дзейнічаюць яшчэ тры: там вопратку распрацоўваюць, шыюць і вышываюць.

Сталыя заказчыкі: народныя музычныя калектывы, крамы, якія хочуць спец-адзенне «з нацыянальным каларытам». Сярод ужо гатовых рэчаў знаходзім стос бізнэс-сувеніраў для аднаго з беларускіх банкаў. Але на прыдпрыемстве заўважаюць, што попыт апошнім часам змяняецца: сталі часцей звяртацца па шлюбныя строі маладыя, а нядаўна навучэнцы адной з мінскіх беларускамоўных гімназій самі ініцыявалі пашыў «вышыкашулек» для школьнай формы.

У сутарэнні пад дамочкам «Скарбніцы» зладжана невялікая галерэя. У ёй у цяплічна-музейных умовах захоўваецца ўсё, чым жывуць майстрыцы. Побач стаяць строі, якія былі распрацаваныя на прадпрыемстве і іх стогадовыя прататыпы з вёсак. Тут жа можна паразглядаць і распытаць мастакоў адкуль паходзіць кожны з нашумелых касцюмаў, у якіх сустракаюць ля трапаў замежных прэзідэнтаў.

Але больш за ўсё нам спадабалася, што, па-першае, трапіць у гэтую скарбніцу можа кожны — па пярэдняй замове за смешныя грошы вам правядуць экскурсію па прадпрыемстве. І па-другое, на прадпрыемстве можна павучыцца і самому: тут ёсць майстар-класы па ткацтву альбо саломцы.
Паглядзець, прымерыць і набыць сапраўдныя беларускія вышыванкі і іншую прадукцыю УП «Скарбніца» можна ў краме «Symbal.By» ў Маскоўска-Венскім гандлёвым цэнтры:

Мінск, пр-т. Незалежнасці, 58, трэці паверх, пав. 333.

Наконт экскурсій у музей і з індывідуальнымі замовамі звяртайцеся на прадпрыемства па кантактах на сайце skarbnica.by.

источник — artsiadziba.by